Большую частку свайго жыцця яна пражыла не ў Беларусі, так і не вярнуўшыся на родную Гродзеншчыну, — і тым не менш заўсёды горача любіла яе. Прычым многія з тых, хто заставаўся ў краіне, не зрабілі для захавання яе культуры і мовы столькі, колькі змагла яна з-за мяжы. Расказваем пра Зоську Верас — беларускую пісьменніцу, публіцыстку, мовазнаўцу і перакладчыцу, з якой так ці інакш была знаёмая практычна ўся наша інтэлігенцыя мінулага стагоддзя, папулярызатарку беларускай мовы і культуры, якая не цярпела русізмаў і дакарала за іх Уладзіміра Караткевіча, і палітычную актывістку, якая яшчэ сто гадоў таму выступала за незалежнасць Беларусі і дачакалася яе толькі пад канец свайго жыцця.
Праўнучка паэта і педагога, які прапаноўваў цару вучыць беларусаў у школах на роднай мове
Зоськай Верас Людвіка Сівіцкая — гэта сапраўднае імя пісьменніцы і грамадскай актывісткі — стала ўжо дарослай, гэта быў адзін з яе псеўданімаў. А нарадзілася яна ў 1892 годзе ў шляхецкай сям'і ў пасёлку Меджыбож (знаходзіцца ў Хмяльніцкай вобласці сучаснай Украіны), куды бацьку-вайскоўца адправілі па службе.
Бацькі яе былі родам з Гродзенскай вобласці — фальварак сям'і па лініі маці знаходзіўся ў Альхоўніках, за 18 км ад Гродна (цяпер Падляскае ваяводства Польшчы). Там маленькая Людвіка з маці бавіла два-тры месяцы кожнае лета — бацька вазіў дачку па рэгіёне, а дома потым прасіў апісваць іх падарожжы.
«Так ужо выйшла, што для мяне Гродзеншчына была бацькаўшчынай, а Украіна — чужой старонкай», — прызнавалася яна ў адным з лістоў у 1970-х, якія ўпершыню былі апублікаваныя ў зборніку «Я помню ўсё», складзеным пісьменнікам і літаратарам Міхасём Скоблам.
Гэтак жа было і з мовай і культурай. Хоць у сям'і гаварылі па-польску, а сама Людвіка ніколі не згадвала, што ў побыце выкарыстоўвалася і беларуская, яе бацька меў вялікую бібліятэку твораў розных аўтараў, сярод якіх, магчыма, былі і тыя, хто пісаў пра беларусаў. Дзяўчына расла ў атмасферы любові да прыроды, зямлі, культуры краіны.
«Бацька мой палякам сябе не лічыў. Лічыў сябе літвінам, у тым значэнні, як Адам Міцкевіч лічыў сваю бацькаўшчыну Літвой. 3 улюбёнымі паэтамі бацькі — Адамам Міцкевічам і Уладзіславам Сыракомлем — я пазнаёмілася, маючы 10 гадоў», — казала Сівіцкая.
А яе прадзед, вядомы паэт і педагог Ігнат Кулакоўскі, яшчэ ў 1834-м даслаў у Дэпартамент народнай адукацыі царскай Расіі дакумент, у якім прапаноўваў увесці выкладанне на беларускай мове для жыхароў Віленскай, Віцебскай, Ковенскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, а таксама вучыць гісторыі і літаратуры, улічваючы гістарычны кантэкст і «нацыянальную самабытнасць тутэйшых людзей». Яшчэ ён лічыў важным выдаваць прэсу на беларускай мове — у сярэдзіне XIX стагоддзя гэта ажыццявіць не ўдалося, але пазней да рэалізацыі ідэі Кулакоўскага прыкладзе руку яго праўнучка.
Яшчэ адной жарсцю Людвікі стане батаніка — яе дзед Людвік Садоўскі быў вядомым пчаляром і садоўнікам і, дарэчы, выдатна ведаў беларускую мову, гаварыў на ёй з сялянамі. У Альхоўніках ён трымаў дзве пары коней, 300 кароў, меў агарод, вялікі сад і пасеку. Унучка любіла вывучаць флору, важдацца з пчоламі і ў цэлым дапамагала па гаспадарцы — жала, палола, ткала — не таму, што гэтага патрабавалі дарослыя, а з цікавасці.
«Я вельмі моцна была звязаная з Альхоўнікамі. Маю нават вершы (на жаль, па-польску), у якіх вылілася гарачае каханне да роднай зямлі, — расказвала яна ў мемуарах. — Я любіла быць з прыродай у як найбліжэйшым кантакце: гадаваць расліны, бачыць гэты цуд, як з малюсенькага зярнятка паўстае-вырастае, напрыклад, пышны куст кветак, ды знаёміцца „асабіста“ з кожнай раслінай, якая спатыкаецца ў полі, у лесе».
Нядзіўна, што ўжо ў 20 гадоў яна збірала па вёсках беларускія назвы раслін. А ў 32 гады (у 1924-м) выпусціла першы беларуска-польска-руска-лацінскі батанічны слоўнік.
Цікавасць да батанікі, а галоўнае — сваіх каранёў падмацоўвала адукацыю. У 1904-м маці вывезла Сівіцкую ў Кіеў, дзе тая паступіла ў прыватную гандлёвую школу — як яна ўспамінала, адну з самых прагрэсіўных у тыя часы ў Расіі.
«У 1906 годзе, летам, першы раз трапілі мне ў рукі „Наша Ніва“ (адна з першых беларускіх газет. — Заўв. рэд.), „Дудка беларуская“ і „Смык [беларускі]“ (зборнікі паэзіі Францішка Багушэвіча. — Заўв. рэд.). Наколькі яны мяне ўразілі і спадабаліся, відаць з таго, што ў клясовай працы з польскай мовы Charakterystyka Litwy („Характарыстыка Літвы“. — Заўв. рэд.) я старалася выясніць розніцу між літвінамі і беларусамі і прыводзіла як доказ асобнай беларускай мовы „Нашу Ніву“, „Дудку“ і „Смык“. Разумеецца, зроблена гэта было па-дзіцячаму. А ўсё ж…» — расказвала Зоська Верас у аўтабіяграфіі.
Перакананая маладая актывістка
Бацька Людвікі памёр рана, у 1909 годзе — на трэці год яе навучання ў Кіеве, і яны з маці вырашылі з’ехаць да сваіх, у Гродна. Там дзяўчына паступіла ў жаночую гімназію. Акурат восенню таго года там з’явіўся Горадзенскі гурток беларускай моладзі, ГГБМ. У той момант у Сівіцкай пачалі завязвацца кантакты, якія застануцца на ўсё жыццё, — з віленскай Беларускай кнігарняй, рэдакцыяй «Нашай Нівы», суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца».
Дзяўчыну зацягнула студэнцкае і грамадскае жыццё. А пакуль у ГГБМ праходзілі сходы, лекцыі і з’явіўся хор — на рэпетыцыі яго ўдзельнікаў Людвіка клікала да сябе: у кватэры, дзе яны жылі з маці, стаяла піяніна. Потым дома арганізавалі «вучнёўскую кватэру».
У ГГБМ хацелі аб’ядноўваць і адукоўваць беларускую моладзь у Гродне, наладзіць сувязь з сялянамі. Для гэтага ўдзельнікі гуртка сабралі бібліятэку (Сівіцкую абралі яе кіраўніцай), і, вяртаючыся дадому на канікулы ці святы, усе былі абавязаныя браць з сабой літаратуру, каб прадаваць яе ў вёсках. Людвіка расказвала, што многія раздавалі кнігі проста так, а ў бібліятэку потым плацілі са сваёй кішэні.
«Вершы з „Дудкі беларускай“ Францішка Багушэвіча завучваліся на памяць, — успамінала пра тое, як рэагавалі ў вёсках, Сівіцкая. — Я асабіста ведала двух такіх маладых хлапцоў. Адзін — Болек Бенеш — вывучыў некалькі вершаў, але ўлюбёным быў верш „Хрэсьбіны Мацюка“. Як жа часта яго паўтараў! Косіць — а верш гучыць на ўсю сенажаць! Другому — Хвэльку Рэпуху — больш падабаўся верш „He цурайся мяне, панічок“. Трэба дадаць, што мы выпісвалі і „Нашу Ніву“, і кожны год — 100 календароў-кніжак, якія расходзіліся ўсе да аднаго».
Агітацыя прыносіла плён: кожны год пасля летніх канікул у гурток запісвалася ўсё больш моладзі, у 1911-м яго сябрамі сталі нават вучні малодшых (з першага да трэцяга) класаў. Іх вучылі чытаць і пісаць па-беларуску. У старэйшых жа секцыях па-ранейшаму прадавалі літаратуру, чыталі і разбіралі творы беларускіх аўтараў, «вербавалі новых сяброў». З’явіўся аркестр, тэатр — ГГБМ вазіў спектаклі па вёсках.
На адну з пастановак з Вільні прыехаў Іван Луцкевіч, грамадскі дзеяч, брат палітыка Антона Луцкевіча, разам з якім яны выдавалі «Нашу Ніву». Пазней у газеце ён здзіўляўся, як артысты, дэманструючы вясковы побыт, «умелі наладзіць усё так, як яно папраўдзе бывае ў хаце беларусаў».
«Вынес я ў падзяку за прыемны вечар веру, што горадзенская беларуская моладзь родную справу пасуне ўперад», — пераказвала ў мемуарах яго словы Людвіка.
Жанчына, якая здолела захаваць для Беларусі найважнейшыя гістарычныя дакументы
А потым пачалася Першая сусветная вайна. У яе ўступіла і Расійская імперыя — і неўзабаве частка беларускіх земляў аказалася пад нямецкай акупацыяй.
У 1915-м Сівіцкая працавала ў Камітэце дапамогі бежанцам-беларусам у Мінску — там арганізоўвалі начлежкі, харчаванне, дзіцячы прытулак і нават давалі жанчынам працу: закуплялі для іх лён, калаўроты, пасля прадавалі пражу. Людвіка таксама была ўдзельніцай «Беларускай хаткі» — клуба інтэлігенцыі, дзе пазнаёмілася з паэтам Максімам Багдановічам, які стаў важнай фігурай у яе жыцці.
Пасля адрачэння расійскага імператара ад трона і прыходу да ўлады Часовага ўрада прыхільнікі беларускай незалежнасці вырашылі дзейнічаць. 25−27 сакавіка 1917-га ў Мінску прайшоў першы З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на ім прысутнічалі 150 чалавек. Ён высунуў патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, а таксама абвясціў сябе найвышэйшай краёвай уладай і выбраў выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам), Сівіцкую прызначылі яго сакратаркай. Тамсама прынялі дэкларацыю, у якой гаварылася, што Камітэт на правах выканаўчай улады атрымлівае паўнамоцтвы «ў кантакце з Часовым расійскім урадам уладкоўваць Беларусь».
Людвіка Сівіцкая была ўдзельніцай і яшчэ адной ключавой падзеі ў гісторыі нашай краіны — яе абралі дэлегаткай Першага Усебеларускага з’езда (іншы варыянт назвы — Кангрэс), які пачаўся 18 снежня 1917 года, і яна, зноў жа як сакратарка, вяла падрабязны пратакол. Мерапрыемства праходзіла на фоне нядаўняга захопу ўлады ў Расіі бальшавікамі — але многія спадзяваліся, што гэта дасць магчымасць беларусам атрымаць самастойнасць, бо гэтае права наўпрост дэкларавалася іх лідарам Уладзімірам Леніным.
«Кангрэс… Занадта шумны назоў? Хто аб гэтым думаў? Здавалася, вось-вось наступіць пара, да якой імкнуліся найлепшыя нашы людзі, працуючы горача, ахвярна… Дачакаемся вольнай, самастойнай Беларусі… He было паміж намі выпрактыкаваных палітыкаў, былі толькі гарачыя сэрцы і галовы. Усе чыталі пастанову Леніна: „Усе народы маюць права да самавызначэння аж да ўтварэння незалежнай дзяржавы“. Чыталі і былі настолькі наіўнымі, што верылі, — з горыччу дзялілася ў мемуарах пісьменніца. — Увечары меліся скончыць дэбаты і падпісаць акт-рэзалюцыю. Абвешчанне незалежнасці Беларусі. Як жа біліся сэрцы… Як перад вачамі ўжо з’яўляліся школы, выдавецтвы, кніжкі, прэса…»
Але гэтым планам не было наканавана спраўдзіцца. Бальшавікі разагналі з’езд, затрымалі ўдзельнікаў нацыянальных палітычных аб’яднанняў тых часоў, а пазней прыклалі ўсе намаганні, каб не ажыццявіўся праект БНР. Але пратаколы з’ездаў, якія здолела захаваць Сівіцкая, сталі доказам маштабу нацыянальнага руху таго часу і важнай крыніцай інфармацыі пра яго.
Дарэчы, менавіта ў час нараджэння БНР, у 1918-м, Сівіцкая ўпершыню выкарыстала свой знакаміты псеўданім, і ён пайшоў з ёю па жыцці.
«Зоська, Зофія — маё другое імя (у заходнееўрапейскай традыцыі дзецям даецца два імені, у той час другое часцей за ўсё прысвойвалася падчас абраду канфірмацыі. — Заўв. рэд.), верас вельмі люблю, ды якраз нядоўга перад тым Лёня Лявіцкі, сын [пісьменніка] Ядвігіна Ш., прывёз мне з Карпілаўкі рана зацвіўшы верас», — расказвала пісьменніца.
Неўзабаве пасля гэтага Зоська Верас пакінула Мінск — наступныя пяць гадоў яна пражыла ў Альхоўніках. За гэты час на тэрыторыі краіны не раз змянялася ўлада, а з яе падзелам у 1921-м пісьменніца апынулася ў Заходняй Беларусі, якая ўвайшла ў склад Польшчы. Як удзельніца беларускага нацыянальнага руху і стварэння БНР яна трапіла пад нагляд мясцовай паліцыі. У 1923-м пераехала жыць у Вільню, якая на той момант таксама стала часткай Польшчы.
А на тэрыторыі БССР у 1920-м бальшавікі расстралялі яе першага, грамадзянскага, мужа — вайскоўца, пісьменніка і публіцыста Фабіяна Шантыра, «беларускага бальшавіка», які выступаў за самавызначэнне краіны і быў камісарам (міністрам) па нацыянальным пытанні ў часовым урадзе БССР. Ад яго ў Верас застаўся сын Антон, якога бацька так ніколі і не ўбачыў.
Строгая рэдактарка і кансультантка для энцыклапедыстаў і Караткевіча
У 1926 годзе Зоська Верас выйшла замуж за рэдактара заходнебеларускай газеты «Сялянская праўда» Антона Войціка, што дапамагаў палітычным рэпрэсаваным, якіх пераследавалі польскія ўлады. У гэты час ён і сам 11 месяцаў адседзеў у віленскай турме Лукішкі. Крыху пазней у іх нарадзілася дачка Галіна.
Увесь гэты час актывістка шмат працавала. У 1927−1931 гадах яна рэдагавала дзіцячы часопіс «Заранка» і на той момант ужо была адміністратаркай рэдакцый газет «Беларускай сялянска-рабочай грамады» — беларускай партыі левага толку, якая дзейнічала ў Польшчы. А яшчэ Верас была рэдактаркай часопіса для пчаляроў «Беларуская борць», нейкі час займалася дзіцячым часопісам «Пралеска», выпускала беларускі адрыўны каляндар, друкавалася ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка».
Яна і далей падтрымлівала палітычных вязняў. Напрыклад, за свае грошы выдала зборнік вершаў Міхася Машары, якія той дасылаў ёй у лістах з турмы. Але ў 1930-я ціск польскіх улад прывёў да знікнення многіх выданняў — перасталі выходзіць «Заранка», «Беларуская борць».
Пра жыццё Зоські Верас падчас Другой сусветнай амаль нічога не вядома — унук Яраслаў Войцік жартаваў, што, «можа, яна ў сваім лесе і не заўважыла, што вайна была» (чаму ён згадаў лес, растлумачым крыху ніжэй). Але тыя падзеі ў любым выпадку абярнуліся для яе сям’і трагедыяй. У 1946 годзе арыштавалі сына Зоські Верас Антона Шантыра (у гады вайны ён служыў у калабарацыянісцкім батальёне «Дальвіц») — спачатку прысудам суда яму прызначылі расстрэл, але пасля замянілі 25 гадамі ГУЛАГа. З лагераў ён вярнуўся раней, праз дзесяць гадоў, але ўжо ў 1958-м памёр: занадта моцна было падарванае здароўе. Прыкладна ў тыя ж гады не стала і мужа Сівіцкай Антона Войціка — ужо ў 1960-я пісьменніца, можна сказаць, засталася зусім адна.
Яшчэ з канца 1930-х Верас жыла ў дамку ў 10 км ад Вільнюса, які яны пасярод лесу будавалі з мужам. Гэтую схаваную ад чужых вачэй пабудову многія называлі партызанскай — там Зоська таемна захоўвала і тыя самыя пратаколы нацыянальных з’ездаў, якія ўлады маглі расцаніць як антысавецкую дзейнасць і асудзіць ужо яе саму на турэмны тэрмін.
Але самотнай ці забытай 70-гадовая Людвіка Сівіцкая-Войцік пасярод лесу сябе не адчувала. Акурат у 1960−70-я дарогі да яе Лясной хаткі пачалі шукаць беларусы, да якіх даходзіла інфармацыя пра сведку і ўдзельніцу найважнейшых падзей у гісторыі краіны. Першым стаў пісьменнік і філосаф Арсень Ліс, які працаваў над дысертацыяй, следам паехалі гісторыкі, мастакі, літаратуразнаўцы, журналісты, паэты — уся інтэлігенцыя.
Верас мела фенаменальную памяць і не мірылася ні з якімі скажэннямі мінулага, часта папраўляла таго ці іншага чалавека за сказанае. Асабліва не цярпела фальсіфікацый беларускай гісторыі — «настойліва прапаноўвала гісторыкам-патрыётам прыехаць і азнаёміцца з [пратаколамі з’ездаў часоў БНР]. Перасылаць па пошце, улічваючы каштоўнасць дакументаў, не адважвалася. І гісторыкі, прагныя праўды, ехалі да першакрыніц, — успамінаў Міхась Скобла. — Зняпраўджвала Зоська Верас і распаўсюджаную ў савецкіх даследаваннях інфармацыю пра падтрымку немцамі беларускага руху ў 1917−1918 гадах. Расказвала, як немцы брутальна выганялі беларускія арганізацыі з Губернатарскага дома ў Менску».
Асабліва часта зверыць факты прыязджалі беларускія энцыклапедысты Янка Саламевіч, Віталь Скалабан. Як расказваў Скобла ў фільме пра Зоську Верас, падчас стварэння Беларускай савецкай энцыклапедыі цэнзура выкінула старонкі пра некаторыя персаналіі. Тады Зоська Верас стварыла сваю рукапісную энцыклапедыю — у звычайным сшытку яна сабрала біяграфіі 22 чалавек, размясціла падрабязныя апісанні іх прац.
Гэтаксама беражліва яна захоўвала лісты, якія атрымлівала ад сяброў, беларускіх культурных дзеячаў і актывістаў. І з часам яе Лясная хатка стала фактычна цэнтрам беларускай культуры ў Літве. «Усе менскія дапытлівыя нефармалы 80-х перабывалі ў Лясной хатцы. <…> Усім хацелася дакрануцца да жывой гісторыі», — пісаў Скобла.
А вось Уладзіміру Караткевічу не пашанцавала — пісьменнік паехаў шукаць Верас без правадніка, праблукаў па лесе цэлы дзень і так і не набрыў на сцежку да дома старэйшай калегі і дзяячкі нацыянальнага Адраджэння, якую высока цаніў. Тая ў лісце потым пісала: «Наш Панарскі лес просіць у вас прабачэння».
Вядома, што Верас і Караткевіч цёпла стасаваліся ў перапісцы. Класік, які прызнаваў, што кепска ведае пэўныя пласты беларускай мовы, калісьці «выпытваў у Максіма Танка тлумачальны батанічны слоўнік» — такім акурат быў слоўнік, складзены яшчэ ў 1924 годзе Зоськай Верас. Калі выданне трапіла ў рукі Караткевічу, той нават не паленаваўся ўласнаручна перапісаць яго, а складальніцы адправіў ліст падзякі са словамі «вы наш батанiчны бог». А Верас, здаралася, у лістах лаяла Караткевіча за русізмы — так, пасля яе заўваг ён пачаў пісаць «вогнішча» замест «касцёр».
«„Дуб Крывашапкі“ Караткевіча ў „Маладосці“ чытала і аж засмяялася з радасці, што нідзе не напісаў ні разу касцёр, a — вогнішча. Гэты касцёр мне шмат крыві напсаваў. Затое не магу яму дараваць, што расліну, якую сам так прыгожа называў малінавы скрыпень (у нас яе называюць залётнік), назваў па-расейску кіпрэй. Трэба ж так зрабіць!» — пісала яна Ларысе Геніюш у 1969 годзе.
Дачакалася незалежнасці краіны — і знайшла спакой
Зоська Верас — Людвіка Сівіцкая-Войцік — прымала беларусаў практычна да апошніх гадоў свайго жыцця, нягледзячы на страту слыху. Госці пісалі ёй на паперы ўсё, што хацелі сказаць ці спытаць, а яна чытала і адказвала. Да 97 гадоў гэтая легендарная жанчына адказвала на ўсе лісты — пакуль не пачала страчваць яшчэ і зрок.
Яна пражыла 99 гадоў, дачакалася незалежнасці Беларусі, але пайшла з жыцця не ў сваім дарагім сэрцу лясным дамку, а ў вільнюскай кватэры дачкі, калі ўжо не ўставала і мела патрэбу ў пастаянным доглядзе. Гэта адбылося ў пачатку кастрычніка 1991-га — усяго праз месяц з лішкам пасля таго, як краіна стала самастойнай. Сама Лясная хатка, «у якой Зоська Верас пражыла — так прыкметна для Беларусі! — сем дзясяткаў гадоў, згарэла ў 1990 годзе, калі гаспадыні там ужо не было», — расказваў Міхась Скобла.
«Што можна дадаць да слоў Францішка Багушэвіча: „He пакідайце мовы роднай, каб не ўмёрлі…“? Ці не да гэткага канца даходзім?» — так Зоська Верас адказвала на пытанне, якое для анкеты задаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Яе развагі пра беларускую мову, пакінутыя ў лісце яшчэ ў 1977 годзе, сёння гучаць як прамы дакор (якіх яна ў прынцыпе не саромелася) і як запавет гэтай легендарнай жанчыны беларускай гісторыі мінулага стагоддзя. Прывядзём іх цалкам:
«Скажуць: столькі друкуецца часопісаў, столькі выходзіць кніжак [па-беларуску]… Аўтары атрымліваюць плату „ад радка“, а ўдома, у сям'і сваёй мовы не ўжываюць. Зразумела, не ўсе… Але шмат, шмат…
Было так. У Вільні праходзілі Беларускія дні. Прыехала дэлегацыя з Менска. Яе спаткаў літоўскі пісьменнік прамовай па-літоўску і па-беларуску. Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі адказалі па-расейску! Ці ж не зганьбілі сябе? Горка і сорамна пры адной думцы аб такой падзеі… Яшчэ. Стары беларускі культурны дзеяч прыехаў у Вільню. Па-беларуску гаварыў, а як жа, але толькі ў памяшканні пры зачыненых дзвярах! На вуліцы, у аўтобусе, у таксі гаварыў па-расейску. Саромеўся сваёй мовы?
Ці гэта не вядзе да смерці мовы і народу? Надзея на моладзь! Можа, моладзь пакажа сябе больш адважнай, больш прынцыповай, ахвяруе ўсе свае сілы на захаванне Роднай Мовы, культуры, а тым самым — Жыцця Народу».





